Выступілі галоўны рэдактар тыднёвіка “Наша Ніва” Андрэй Дынько, гісторык Юры Лаўрык. Песні ўкраінска-беларускага памежжа выканаў фальклорны дуэт “Старое сяло”.11 чэрвеня ва ўкраінскай амбасадзе адбылася прэзентацыя беларуска-ўкраінскага альманаха, выдаванага Таварыствам украінскай літаратуры, што дзейнічае пры ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». У імпрэзе ўзялі ўдзел стваральнікі і аўтары выдання, прадстаўнікі ўкраінскай грамады ў Мінску, а таксама гледачы, зацікаўленыя культурай і супрацай абодвух народаў.
Арганізатарамі сустрэчы выступілі Амбасада Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», рэдакцыйная рада альманаха «Справа». Партнёр — грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі”.
Вечарына была прымеркаваная да Дзён славянскага пісьменства і культуры, наведнікі мелі магчымасць азнаёміцца з тэматычнай кніжнай выстаўкай.
З прывітальным словам выступіў Часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі, Саветнік-пасланнік Амбасады Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Валеры Джыгун, якога прадставіла вядоўца вечарыны, пісьменніца, кіраўніца Таварыства Наталка Бабіна.
Пра першы нумар альманаха, падрыхтоўку наступнага, пра плён выдання, яго значэнне для беларусаў і ўкраінцаў, яго перспектывы распавялі галоўны рэдактар “Справы” Алесь Наварыч, сябра рады, адміністратар сайта альманаха druzi.by Паліна Скурко.