Ваша Эксцэленцыя!
Excellencies!
Шаноўнае спадарства!
Паважаныя спадарыні і спадары!
Перш за ўсё хацеў бы падзякаваць ўсім вам, хто прыйшоў сёння на наша свята. Мы расцэньваем гэта як падтрымку Украіны ў гэты няпросты для яе час, калі адначасова з адстойваннем сваёй незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці ў супрацьдзеянні развязанай Крамлём гібрыднай вайне, Украіна праводзіць беспрэцэдэнтныя па маштабах ўнутраныя рэформы, накіраваныя на эканамічны рост, барацьбу з карупцыяй, развіццё дзяржаўных інстытутаў і грамадзянскай супольнасці, забеспячэння годнага жыцця ўкраінцаў.
26 гадоў таму Украіна атрымала сваю фармальную незалежнасць як нейкі «падарунак зверху». Мы радаваліся, што нарэшце збылася мара некалькіх пакаленняў ўкраінцаў, якія змагаліся за яе на працягу некалькіх стагоддзяў, пачынаючы ад знакамітых гетманаў Украіны Багдана Хмяльніцкага і Івана Мазепы, удзельнікаў Украінскай нацыянальнай рэвалюцыі 1917—1921 гадоў, стагоддзе якой мы адзначаем у гэтым годзе, воінаў Украінскай паўстанцкай арміі, палітычных зняволеных і дысідэнтаў 60—70 гадоў мінулага стагоддзя. Мы былі ўпэўненыя, што лёс нам даў шанец для ўмацавання і адраджэння нацыянальнай ідэнтычнасці, украінскай мовы, культуры, традыцый і паляпшэння дабрабыту ўкраінскага народа.
Але гістарычная праўда ў тым, што незалежнасць не прыходзіць сама сабою. Яе атрымліваюць у барацьбе, за яе змагаюцца і яе трэба абараняць. За апошнія тры гады пасля Рэвалюцыі годнасці і Майдана мы даведаліся сапраўдную цану незалежнасці і гэтай барацьбы. І мы ганарымся тым, што наша дзяржава выстаяла і абараніла сваю незалежнасць, а ўвесь свет убачыў нязломны дух ўкраінскага народа.
Наша барацьба была не лёгкай. Украіна страціла шмат сваіх лепшых сыноў. Але мы не адны ў нашай барацьбе. Увесь цывілізаваны свет устаў побач з намі, дэманструючы асуджэнне агрэсіўных дзеянняў Расіі супраць Украіны, непрызнанне анексіі ёю Крыму і заклікаючы Расію спыніць ваеннае ўмяшанне ў Данбасе.
І мы ўдзячныя нашым партнёрам і ўсім сябрам Украіны, усім, хто дапамог нам выстаяць, умацаваць нашу абароназдольнасць, і працягвае аказваць тэхнічную дапамогу для правядзення структурных змяненняў ва ўкраінскай эканоміцы і грамадстве. Такая салідарнасць з'яўляецца зарукаю нашай перамогі і адначасова годным адказам тым, хто лічыць, што ў XXI стагоддзі можна беспакарана парушаць міжнародныя дамоўленасці, сілай змяняць межы, дзяліць Свет на сферы ўплыву і навязваць народам сваё бачанне іх будучыні.
Барацьба, якую вядзе Украіна па аднаўленні сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту, завершыцца нашай безумоўнай перамогай. Палітыка-дыпламатычныя меры, якія мы спрабуем максімальна выкарыстоўваць для пераадолення знешняй агрэсіі супраць Украіны і вяртання акупаваных тэрыторый, маюць патрэбу ў падтрымцы ўсіх нашых знешніх партнёраў. І на гэтым шляху Мінскі працэс грае не апошнюю ролю.
Паважаныя спадарыні і спадары,
Пасля цяжкіх выпрабаванняў, якія выпалі на долю Украіны ў апошнія гады, мы з упэўненасцю гаворым аб правільнасці абранага намі шляху. Гэта структурныя рэформы ў эканоміцы і трансфармацыя грамадства, паглыбленне еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі.
Мы сустракаем 26-ю гадавіну Незалежнасці выдатнымі для Украіны падзеямі, якія сведчаць аб кардынальнай змене нашых геапалітычных і цывілізацыйных каардынатаў. 1 верасня гэтага года ўступіла ў сілу Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС, з чэрвеня гэтага году для Украіны ўведзены бязвізавы рэжым з ЕС, доля ўкраінскага тавараабароту з краінамі ЕС дасягнула 40%. На працягу амаль двух гадоў Украіна не купіла ні аднаго кубаметру газу ў Расіі, чым паклала канец шматгадоваму «газаваму» шантажу з яе боку. Сёння апытанні грамадскай думкі паказваюць, што большасць украінскіх грамадзян падтрымліваюць як уступленне Украіны ў ЕС, так і ў НАТО.
Я хацеў бы скарыстацца гэтай магчымасцю, каб падзякаваць маім калегам — амбасадарам і прадстаўнікам краін ЕС, іншых еўрапейскіх партнёраў Украіны, ЗША за прыняцце імі важных для Украіны рашэнняў і падтрымку, дзякуючы чаму мы ўпэўнена рухаемся ў напрамку, які украінскі народ выбраў для сябе падчас рэвалюцыі годнасці — развіццё сучаснай еўрапейскай дзяржавы, у якой дэмакратыя, свабода слова, правы чалавека, годнае матэрыяльнае забеспячэнне будуць не проста лозунгамі, а нормай паўсядзённага жыцця.
Украіна крок за крокам працягвае развіваць сваю эканоміку. Ужо паўтара гады запар ва Украіне расце ВУП. Чакаем, што ў гэтым годзе рост складзе каля 2% , а да 2020 года гэты паказчык павінен складаць 4%. Гэтыя дасягненні з'яўляюцца наглядным вынікам структурных рэформаў, якія адбываюцца ў нашай краіне і паступова ўзмацняюць пазіцыі Украіны на сусветным рынку. Хачу падкрэсліць, што гэта адбываецца нягледзячы на ваенную агрэсію супраць Украіны, якая працягваецца, і эканамічны ўрон праз часовую акупацыю Крыма і асобных раёнаў Данбаса.
Казаць аб поўнай стабілізацыі сітуацыі ва Украіне пакуль яшчэ рана. Але цалкам можна сцвярджаць, што праведзеныя ва Украіне рэформы па дэцэнтралізацыі, барацьбе з карупцыяй, паляпшэнні бізнес-асяроддзя і іншыя ўжо ёсць рэальнасцю сённяшняга дня і даюць свае станоўчыя вынікі. Відавочная і рашучасць ўкраінскага Прэзідэнта, Парламента і Урада па іх далейшаму ўкараненню, зыходзячы з таго, што без гэтага Украіна не адбудзецца як самастойная, квітнеючая дзяржава, з якой будуць лічыцца ў свеце.
Шаноўнае спадарства!
Гэты год быў таксама знамянальны ў беларуска-ўкраінскіх адносінах, якія пасля пэўнага перыяду, назавем гэта «застою», дэманструюць станоўчую дынаміку па ўсіх напрамках — у палітыцы, эканоміцы, культурна-гуманітарным супрацоўніцтве. Відавочна, што значны штуршок гэтаму далі сустрэчы прэзідэнтаў нашых краін на вышэйшым узроўні, што адбыліся ў красавіку і ліпені гэтага года і якія яшчэ раз паказалі, што развіццё дружалюбных адносін паміж Украінай і Беларуссю спрыяе не толькі росквіту абедзвюх дзяржаў, але і ўмацаванню кантынентальнай бяспекі. Мы ўдзячныя кіраўніцтву Беларусі за выразную пазіцыю па падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама за шчырае жаданне, як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, зрабіць усё магчымае для міру і стабільнасці ва Украіне. Асобна хацеў бы падзякаваць беларускаму кіраўніцтву за накіраванне гуманітарнай дапамогі насельніцтву, пацярпеламу ў выніку баявых дзеянняў у Данбасе.
Сустрэча прэзідэнтаў Украіны і Беларусі яшчэ раз прадэманстравала імкненне да больш актыўнага супрацоўніцтва. У нас ёсць амбіцыйныя сумесныя планы ў эканоміцы, энергетыцы, транспарце, ўладкаванні агульнай мяжы, развіцці культурнага складніка нашых адносін.
Толькі за сем месяцаў гэтага года тавараабарот паміж нашымі дзяржавамі склаў больш за $2,3 млрд і павялічыўся на 17% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Гэта дае нам надзею вярнуцца да лепшых часоў, калі гадавы таваразварот складаў $8 млрд. У гэтым годзе актывізавалася таксама праца па дэмаркацыі мяжы, падпісаны шэраг праграм двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы навукі, культуры, спорту і турызму. Спадзяемся, што па даручэнні прэзідэнтаў нашых краін, у бліжэйшы час у беларускіх тэлесетках з'явяцца ўкраінскія тэлеканалы, што дазволіць беларускім грамадзянам атрымліваць аб'ектыўную інфармацыю пра падзеі ва Украіне, а ў беларускіх школах пачнуць выкладаць украінскую мову.
Паважаныя сябры,
Украіна і Беларусь гэта тыя краіны, якія аб'ядноўвае працяглае сумеснае гістарычнае мінулае з часоў Кіеўскай Русі і Вялікага Княства Літоўскага і, я ўпэўнены, якія маюць агульную будучыню ў свабоднай сям'і еўрапейскіх народаў.
Патэнцыял нашых адносін вельмі высокі. Мы маем палітычную волю і ўсе неабходныя механізмы для яе рэалізацыі. І я перакананы, што ніякая «трэцяя сіла» не стане перашкодай умацаванню дружбы паміж украінскім і беларускім народамі, якая прайшла выпрабаванне часам, сумеснымі перамогамі і стратамі. Паглыбленне нашых адносінаў, узаемная падтрымка стануць залогам таго, што Украіна і Беларусь зоймуць годнае месца ў сістэме каардынатаў еўрапейскай бяспекі, у еўрапейскай і сусветнай эканоміцы.
Слава непарушнай дружбе паміж украінскім і беларускім народамі!!!
Міру ўсім нам і росквіту!!!
Слава Украіне!!!