Драўляныя тапчаны, піражкі на пляжы і мацаванае масандраўскае. Які беларус не адпачываў у Крыме! Доўга, вельмі доўга наш чалавек лічыў сонечны паўвостраў літаральна адзіным месцам, дзе можна пагрэцца-выкупацца. Ажно пакуль не адкрыў для сябе Турцыю з Егіптам. Такой канкурэнцыі нават мастадонт у беларускай свядомасці не вытрымаў — ні па кошце, ні па сэрвісе. І вось які фінт робіць Крым зараз: з імі мы, кажа, не спаборнічаем. "Наш канкурэнт — Карлавы Вары", — заяўляе падчас сустрэчы з журналістамі Аляксандр ЛІЕЎ, першы намеснік міністра курортаў і турызму Аўтаномнай Рэспублікі Крым, і мужна прызнае, што знакамітай тэрмальнай здраўніцы Крым пакуль таксама прайграе. Аднак уласнае фінансаванне і салідны грант ЕС, які адрэагаваў на новы турыстычны прыярытэт Украіны як на палітычную дэкларацыю, яму ў заруку.
Што змусіла змяніць арыентацыю з пляжнага адпачынку на санаторна-курортнае лячэнне? "У нас ёсць тое, чаго няма ні ў кога", — упэўнены спадар Ліеў. Унікальнымі ў Крыме ён лічыць клімат (бо "паветра сухое, насычанае іонамі салей і фітанцыдамі"), лячэбныя гразі (бо дробнадысперсныя) і воды (хоць ванны прымаць, хоць піць). А цяпер яшчэ і за мадэрнізацыю санаторыяў возьмуцца, бо, як прызнаўся сам першы намеснік міністра курортаў і турызму, з 240 крымскіх санаторыяў, як мінімум, за 100 яму сорамна...
Сёлета, па зразумелых прычынах, значна менш нашых суайчыннікаў, чым звычайна, змаглі выкраіць з сямейнага бюджэту на адпачынак. Крымскія ўлады зафіксавалі змяншэнне патоку беларускіх турыстаў на 25 адсоткаў. "Аднак у нас ёсць чаканні, і не пустыя, што да канца года мы зможам навярстаць упушчаны паток", — дзеліцца спадзяваннямі спадар Ліеў. Падставу так думаць дае праект "Крымскі аксамітны сезон — сезон здароўя", які прадугледжвае спецпрапанову для некаторых рэгіёнаў, у тым ліку і для Беларусі.
На працягу кастрычніка-лістапада беларусы могуць аздаравіцца з 50-працэнтнай зніжкай у 50 санаторыях. Тыя адабраны па крытэрыях навізны: рамонт не больш як двухгадовай даўнасці, медыцынскае абсталяванне, набытае не пазней чым у 2008 годзе.
— За суткі сярэдні кошт, які ўключае 5-разовае харчаванне, 5 медыцынскіх працэдур (у тым ліку ручны масаж), паўнавартасную дыягностыку, атрыманне лячэння, — 27 долараў, — расказвае Аляксандр Ліеў і дадае: — Абавязкова яшчэ штодзённая анімацыя — каб не адчувалі сябе ў бальніцы.
Важна, на яго думку і тое, што авіякампанія "Белавія" далучылася да праграмы. Арганізатары праекта ўзаемадзейнічаюць таксама з беларускімі тураператарамі і ўрачамі.
— З медыцынскага пункту гледжання, восень — залаты перыяд курортнай справы, — кажа крымскі курартолаг з 47-гадовым стажам Мікалай ДРЫНЕЎСКІ. — Для лячэння многіх захворванняў гэты перыяд больш спрыяльны. Няма такіх высокіх перападаў тэмпературы, няма шкоднай сонечнай радыяцыі, калі ўсе імкнуцца як мага хутчэй загарэць. Аптымальныя тэмпературы лячэбных гразяў, прыемныя брызы мора.
Але ў многіх з нас ужо багата негатыўных стэрэатыпаў пра Крым: перабоі з вадой, горы смецця на пляжах і вуліцах...
— На жаль, гэта не стэрэатыпы, а відавочныя праблемы, — канстатуе першы намеснік міністра. — Але пачынаць вырашэнне праблем варта з таго, каб іх прызнаць і ўсвядоміць. Мы на гэтым этапе знаходзімся. Галіна выглядае так, як яна пачынае выглядаць, калі 20 гадоў не была нават у пяцёрцы прыярытэтаў. Без дзяржаўнай падтрымкі ў гэтай галіне нічога не атрымліваецца. Такую падтрымку мы атрымалі ўпершыню. Як дэпутат парламента двух скліканняў, я магу з усёй адказнасцю сказаць так пра Крым. Гэта мая радзіма, я бачыў розныя перыяды Крыма. Такой падтрымкі, як зараз, мы ніколі не мелі. 200 млн еўра на прывядзенне ў парадак нашай інфраструктуры вылучана толькі сёлета. Доўгі час Крым быў на целе Украіны плямай, якая фінансавалася па рэшткавым прынцыпе. Толькі нядаўна стаў прыярытэтам. Мы пачалі дынамічна разівацца, усё пацверджана фінансамі, і не толькі ўкраінскімі.
Хто ведае, можа, і не за гарамі той час, калі ардынарнае месца ператворыцца ў "марачнае", а можа, нават і ў "калекцыйнае".