11 мая г.г. у памяшканні Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылося ўрачыстае адкрыццё тэматычнай экспазіцыі “Украіна ў Другой сусветнай вайне”, якая была арганізавана Пасольствам Украіны ў Рэспубліцы Беларусь. На мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнікі дыпламатычных місій, прадстаўнікі беларускай грамадскасці і СМІ, украінскай абшчыны Беларусі, ветэраны Другой сусветнай вайны, якія дапамагалі вызваляць украінскую зямлю ад нацыстаў, і іх сваякі.Адкрыццё экспазіцыі наведаў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар.
Выступаючы перад удзельнікамі мерапрыемства, Пасол Украіны Ігар Кізім ўспомніў трагічныя і гераічныя старонкі Другой сусветнай вайны і выказаў падзяку прадстаўнікам усіх народаў, якія дапамаглі вызваляць украінскую зямлю ад нацысцкіх захопнікаў. Ігар Кізім таксама закрануў падзеі сучаснасці, у прыватнасці на ўсходзе Украіны, адзначыўшы, што ўкраінцы як ніхто іншы ведаюць сапраўдную цану міру.
Пасол уручыў ветэрану Другой сусветнай вайны Л.С.Анцэліовічу і сваякам іншых ветэранаў дзяржаўныя ўзнагароды, у прыватнасці адзнакі Прэзідэнта Украіны – юбілейныя медалі “70 гадоў перамогі над нацызмам”. Выстава будзе даступная для прагляду наведвальнікаў музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на працягу наступных двух тыдняў (уваход – бясплатны).