У Менску ва ўкраінскай амбасадзе прайшоў круглы стол, прысьвечаны тэме «Наваросіі», як аднаго зь міфаў расейскай прапаганды.
У Менску ва ўкраінскай амбасадзе прайшоў круглы стол, прысьвечаны тэме «Наваросіі», як аднаго зь міфаў расейскай прапаганды. Амбасадар Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежэль адзначыў, што цяпер Україна перажывае вельмі цяжкі час, і ў гэты час надзвычай важна супрацьстаяць тым міфам і штампам, якія стварае масаваная расейская прапаганда. І «Наваросія» — адзін з гэтых міфаў.
Ён таксама прапанаваў удзельнікам круглага стала ўшанаваць хвілінай маўчаньня тых, хто загінуў, абараняючы незалежнасьць Украіны. «Раней мы казалі, што сышла „Нябесная сотня“. Але цяпер ужо ня сотня, цяпер колькасьць ахвяр ужо даўно пераваліла за сотню. Сёньня гінуць нашы хлопцы, нашы жаўнеры, нашы воіны», — адзначыў Ежэль.
Кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ Віктар Кахновіч кажа, што сёньня няма падстаў называць паўднёвы ўсход Украіны Наваросіяй.
«Тэрмін „Наваросія“ народжаны ў час імпэрыі і нясе ў сабе абсалютна імпэрскі сэнс і зьмест», — падкрэсьлівае ён. Гэты тэрмін зьявіўся адначасова з нараджэньнем Наварасійскай губэрні, якая была заснавана 22 сакавіка 1764 года імпэратрыцай Кацярынай II. Губэрня займала невялікую тэрыторыю ў сучаснай Кіраваградчыны, на якой жылі запарожцы і беглыя сяляне зь Левабярэжнай Украіны. Потым Наваросія пашыралася за кошт тэрыторый Запарожскай сечы, а таксама тэрыторый, адваяваных ў туркаў і крымскіх татараў.
Зараз тэрмін «Наваросія» зьяўляецца анахранізмам, які ўказвае на імпэрскую практыку і вялікадзяржаўны калянізатарскі акцэнт.
На рэгіянальную спэцыфіку наклалася моцная расейская прапаганда, аб чым сьведчаць апошнія сацыялягічныя дасьледаваньні, якія праводзіліся вясной.
Між тым, паўднёвы ўсход Украіны, безумоўна, мае сваю спэцыфіку. Кандыдат сацыялягічных навук, прадстаўнік Інстытуту «Палітычная сфэра» Аляксей Ластоўскі зьвярнуў увагу ў сваім выступе на моцную рэгіянальную ідэнтычнасьць жыхароў Данбаса, калі прыналежнасьць да рэгіёну ставіцца вышэйшай за прыналежнасьць да краіны ў цэлым. Гэтая рэгіянальная ідэнтычнасьць апошнія дзесяцігодзьдзі значна пашыралася, пры гэтым пачуцьцё агульнаўкраінскай ідэнтычнасьці заставалася прыкладна на адным узроўні. Усё гэта сьведчыць аб складанасьцях украінскага нацыябудаўніцтва. Пры гэтым гістарычная памяць жыхароў Данбасу практычна не адрозьніваецца ад гістарычнай памяці ў цэлым ва Ўкраіне. Людзі на ўсходе Ўкраіны таксама лічаць галоўнай гістарычнай падзеяй перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, а галоўнымі гістарычнымі асобамі — Багдана Хмяльніцкага, Тараса Шаўчэнку і Міхаіла Грушэўскага. Адначасова для Данбасу характэрна рэзка адмоўнае стаўленьне да ўкраінскіх нацыяналістаў, да АУН-УПА — менавіта гэта галоўная лінія гістарычнага расколу ва Ўкраіне.
На рэгіянальную спэцыфіку наклалася моцная расейская прапаганда, аб чым сьведчаць апошнія сацыялягічныя дасьледаваньні, якія праводзіліся вясной.
«Можна сказаць пра масаванае ўзьдзеяньне на сьвядомасьць насельніцтва штампаў расейскага тэлебачаньня. Напрыклад, 73% жыхароў Данецкай вобласьці па выніках дасьледаваньня пагадзіліся са сьцьверджаньнем, што „Правы сэктар“ — гэта буйное вайсковае фармаваньне, якое мае ўплыў ва ўладзе і стварае пагрозу для грамадзян краіны. Мы бачым, што гэта расейскі мэдыяфэйк, але тым ня менш ён знаходзіць падтрымку ў жыхароў Данбаса і Луганшчыны», — падкрэсьлівае Ластоўскі.
Ніякіх сацыялягічных дадзеных наконт падтрымкі сэпаратыстаў на Данбасе і Луганшчыны зараз няма. Але, калі апірацца на прыватныя сьведчаньні, то можна казаць, што абсалютная большасьць жыхароў займаюць пасіўную пазыцыю адносна канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, або нават пасіўна сымпатызуюць лёзунгам сэпаратыстаў.
«Гэта ставіць вялікую праблему: калі зараз скончыцца пасьпяхова вайсковая апэрацыя, то якім чынам далей інтэграваць гэтыя рэгіёны ў супольную палітычную прастору?», — задаў рытарычнае пытаньне Ластоўскі.
У сваю чаргу філёзаф і літаратар Ігар Бабкоў падчас круглага стала закрануў тэму супрацьстаяньня расейскай антыўкраінскай прапагандзе ў Беларусі. На яго думку, асноўная маса насельніцтва проста напужана украінскімі падзеямі і гістэрычным тонам расейскага тэлебачаньня. Таму, лічыць Бабкоў, расейскай прапагандзе ў Беларусі трэба даць «асымэтрычны пазытыўны адказ пад назвай „зразумець Украіну“». Трэба праводзіць грунтоўную культурна-асьветніцкую працу ў гэтым напрамку.
«Трэба не гістэрыць, а спрабаваць зьмяніць інтанацыю, таму што нішто так не забівае гэтых „кісялёвых“, як нармальная, добрая, чалавечая інтанацыя», — упэўнены Бабкоў.